Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брыло
Сталі вядомыя прысуды па знакамітай малочнай справе, якая пачалася ў лістападзе 2023‑га з арышту на той момант памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігара Брыло, піша Наша Ніва.
Тады затрымалі таксама амаль усё сямейства кіраўніка «Бабулінай крынкі» Генадзя Скітова, уключна з ім самім, а таксама менеджмент холдынга.
У чым вінавацілі фігурантаў справы? Скітавы пры спрыянні Брыло быццам бы разгарнулі на дзяржаўнай «Бабулінай крынцы» сістэму, пры якой штучна стваралася затаваранасць складоў, што дазваляла для іх разгрузкі адпускаць прадукцыю па ніжэйшай цане.
Потым гэтае ў рэальнасці добрае малако і іншая прадукцыя па дэмпінгавых цэнах адгружалася на фірмы-пасярэднікі, якія прадавалі тавар у Расіі па рэальнай цане. А розніца, адпаведна, дзялілася паміж удзельнікамі схемы.
Брыло актыўна супрацоўнічаў са следствам, а Скітоў адмовіўся даваць паказанні. У сувязі з гэтым працэс расследавання моцна зацягнуўся.
Суд пачаўся толькі ў верасні 2025‑га і скончыўся тры месяцы таму.
Як стала вядома «Нашай Ніве», Ігар Брыло атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі — столькі і прасіў пракурор. Генадзю Скітову пашанцавала меней — яму далі 15 гадоў пазбаўлення волі.
Але мала хто з топ-чыноўнікаў цалкам дасіджвае свой тэрмін. У лукашэнкаўскай сістэме распаўсюджана практыка вызваляць іх датэрмінова і адпраўляць кіраваць гаспадаркамі.
Апроч цэнтральных фігурантаў, пад суд трапілі таксама:
— Віктар Скітаў, сын Генадзя Скітава, дырэктар філіяла «Мінскі» «Бабулінай крынкі».
— Арцём Зубель, першы намеснік дырэктара «Бабулінай крынкі», сын былога намесніка начальніка шчучынскай міліцыі.
— Галіна Ціцянкова, намесніца дырэктара «Бабулінай крынкі», пасля ўзначаліла гаспадарку «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне.
— Аляксей Драніца, начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці «Бабулінай крынкі».
— Дзяніс Ліннік, дырэктар філіяла «Асіповіцкі» «Бабулінай крынкі», былы начальнік Барысаўскага РУУСа.
— Сяргей Петражыцкі, дырэктар «Віцебскмясмалпрама».
— Уладзімір Сіруць, «галоўны сябар» Генадзя Скітава, кіраўнік шэрагу афіліяваных кампаній.
— Сяргей Качанаў, дырэктар віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты»
— «Николаевич М. В». — поўны цёзка Міхаіла Валянцінавіча Нікалаевіча, былога намесніка старшыні праўлення «Тэхнабанка» і намесніка дырэктара салігорскага футбольнага «Шахцёра».
— Уладзімір Лісіцын, заснавальнік «БелАграГен Беларусь».
Яшчэ пра пяць чалавек дакладна невядома, чым яны займаліся на свабодзе: А. Чарняк, А. Яшчанка, Г. Кіракасян, А. Сабалькоў, А. Панкоў.
Фігуранты праходзілі па 12 артыкулах крымінальнага кодэксу:
- Артыкул 430 ч. 2 — атрыманне хабару, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 426 ч. 3 — перавышэнне ўлады пры цяжкіх наступствах, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 430 ч. 3 — атрыманне хабару, ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 209 ч. 1 — махлярства, штраф, грамадскія работы, арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 3 гадоў;
- артыкул 431 ч. 3 — дача хабару, ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 426 ч. 2 — перавышэнне ўлады, ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 424 ч. 2 — злоўжыванне ўладай, ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 431 ч. 1 — дача хабару, штраф, выпраўляльныя работы да 2 гадоў, арышт або абмежаванне волі да 2 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 5 гадоў;
- артыкул 424 ч. 3 — злоўжыванне ўладай, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
- артыкул 210 ч. 4 — махлярства ў асабліва буйным памеры або арганізаванай групай, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй;
- артыкул 432 ч. 2 — пасрэдніцтва ў хабары, арышт або абмежаванне волі да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў;
- артыкул 210 ч. 3 — махлярства ў буйным памеры, ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Читайте еще
Избранное