Гурневіч: «У 1980 годзе ў палякаў адбылося нешта падобнае на наш 2020 год. Толькі ў нас усё у разы горш. Кароткі карнавал, спадзевы на перамены, а пасля апакаліпсіс»

Журналіст пра тое, хто перамог камунізм у Польшчы.

— Камунізм у Польшчы перамог Рэйган і папа Рымскі. Калі я быў малады, то бескрытычна ў гэта верыў, — піша Дзмітры Гурневіч. — А зараз я чытаю шмат прафесійных польскіх гісторыкаў і слухаю іх лекцыі. Яны першакласна займаюцца дэканструкцыяй міфаў.

Дзмітры Гурневіч

У 1980 годзе ў палякаў адбылося нешта падобнае на наш 2020 год. Толькі ў нас усё у разы горш. Кароткі карнавал, спадзевы на перамены, а пасля апакаліпсіс. Праз год камуністы ўвялі ваеннае становішча. І мне стала цікава, як Захад ставіўся да камуністычнага рэжыму.

Гаспадаром Белага дому тады быў Рональд Рэйган. Яго дарадцы мелі два падыходы. Адны лічылі, што трэба даваць генералу Ярузэльскаму крэдыты і дапамагаць Польшчы, бо гэта, на іх думку, аслабляла б СССР і даўжэй бы працягнула жыццё «Салідарнасці».

Іншы бок, назавем іх радыкалы, лічыў, што нельга даваць камуністам ані цэнта, няхай Польшча стане банкрутам і тады яе будзе вымушаная фінансаваць Масква. А паколькі гэта будуць грошы на вецер, то Масква хутка дойдзе да ручкі. А гэта, як вядома, карысна Амерыцы. Перамаглі ў выніку радыкалы. Амерыка ўвяла санкцыі супраць ПНР.

А вось у Еўропе не ўсё было так адназначна. Французы і брытанцы былі супраць санкцый. У 1982 годзе ідзе будаўніцтва Ямальскага газаправоду, па якім савецкі газ мае ісці ў Еўропу. Тэхналогіі патрэбныя акурат амерыканскія, а Рэйган адмаўляецца. Ён вырашае зрабіць санкцыі яшчэ больш жорсткімі і гатовы на страты. Брытанцы, французы і заходнія немцы кладуцца крыжам. У гэты праект яны ўклалі шмат грошай.

Амерыканскія санкцыі супраць Ямальскага газаправоду крытыкуе Тэтчар. «Жалезная ледзі» называе іх міжнародным бяспраўем. У 1982 году амерыканцы паддаюцца і адмаўляюцца ад гэтых санкцый. Але не супраць Польшчы. І амерыканцы дамагаюцца адмены ваеннага становішча. Улетку 1982 Ярэзэльскі яго скасоўвае.

Генерал высылае сігналы ЗША, што гатовы ісці на лібералізацыю, але яму, маўляў, складана, бо Масква супраціўляецца. Гэта, вядома ж, была лухта. У гэты самы час на паседжанні палітбюро Гарбачоў кажа: «Мы ўсё ў Польшчы прымем: і каталіцызм, і прыватную эканоміку». Ён шукаў ашчаднасці, бо савецкая эканоміка пачала ісці на дно, а адным з самых рэальных варыянтаў ашчаднасці была савецкая замежная палітыка.

Гарбачоў сказаў літаральна палякам: «Шукайце шляхі да сацыялізму, але не прасіце ў нас грошай». Гэта раскрыла рукі Ярузэльскаму і ён пачаў шукаць сувязяў з амерыканцамі. У 1985 годзе ён наведаў ЗША і сустрэўся з Ракфелерам. Амерыканцы даводзілі палякам, што варта рабіць рэформы.

У 1986 гдзе віцэ-прэзідэнт Буш агучыў сваю ідэю: дапамагаць краінам сацлагеру, якія робяць крокі да дэмакратыі. Роўна гэта ён сказаў проста ў твар Ярузэльскаму. Ярузэльскі абвясціў аміністыю, з турмаў вызвалілі практычна ўсіх палітвязняў. Генерал разумее, што ад Масквы грошай няма, людзі злуюцца. У 1988 годзе пачаліся размовы пра круглы стол.

У ліпені 1989 Джорд Буш прыехаў у Варшаву. Ён ужо прэзідэнтам ЗША. Усё гэта адбывалася праз месяц пасля першых часткова свабодных выбараў у польскі Сейм, дзе разгромна перамагла «Салідарнасць».

І што робіць Буш? Ён публічна падтрымлівае генерала Ярузэльскага як кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. Для многіх людзей гэта быў шок. Пасол ЗША ў Варшаве просіць дэпутатаў «Салідарнасці» хаця проста ўстрымацца ад голасу, калі яны не хочуць галасаваць за Ярузэльскага. Генерал у выніку перамог.

Злучаныя штаты не падтрымлівалі безумоўна «Салідарнасці», Амерыка не хацелі рэвалюцыі ў Польшчы. Бо гэта азначала б пагрозу для Гарбачова, а гэтага Вашынгтон не хацеў.

Захад на словах вітаў перамены. Абяцаў 10 млрд даляраў польскаму бюджэту. У выніку сабралі 1 млрд, каб не адбыўся калапс злотага. І тое сабралі з цяжкасцямі.

Вішанька на торце – пазіцыя польскага каталіцкага касцёла. Польская іерархія не падтрымлівала апазіцыю яшчэ з часоў Камітэту абароны рабочых, гэта папярэднік «Салідарнасці» ў 70-ыя. Касцёл лічыў гэтых людзей радыкаламі, безадказнымі людзьмі, маргіналамі, якія не прадстаўляюць грамадства.

Кардынал Вайтыла, то бок папа рымскі Ян Павел ІІ, глядзеў на апазіцыію з большай сімпатыяй, але ў Польшчы касцёлам кіраваў кардынал Стэфан Вышынскі. І ён быў суперасцярожны.

Калі ў 1980 годзе ў Польшчы пачаліся пратэсты, кардынал Вышынскі выступіў з казаннем, у якім па сутнасці асудзіў страйк. Ён лічыў, што трэба размаўляць з уладай. Удзельнікі страйку былі расчараваныя. Вышынскі лічыў, што апазіцыя павінна быць часткай сістэмы і паступова, шляхам эвалюцыі, змяняць камуністычную сістэму.

Як толькі камуністы ўвялі ваеннае становішча адбыўся цуд – каталіцкі касцёл пачаў масава атрымліваць дазволы на будаўніцтва новых святыняў. У гэты ж час кардынал Вышынскі памірае. Новым прымасам Польшчы, галавой Касцёла, стаў кардынал Юзаф Глемп. Ён заняў абсалютна згодніцкую пазіцыю. Заклікаў «Салідарнасць» адмовіцца ад радыкалізму і заключыць пагадненне з камуністамі. Іерархам Глемп тлумачыў, што на ваеннае становішча былі свае прычыны.

Гісторыкі падлічылі, што толькі каля 10% польскіх святароў актыўна ўдзельнічалі ў апазіцыйнай дзейнасці. Сярод гэтых 10% былі вельмі адважныя святары, менавіта яны стварылі міф пра тое, што Касцёл быў гарой за апазіцыю і таму «Салідарнасць» перамагла. А пра Рэйгана я ўвогуле маўчу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(107)