Экономика

«Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць»

Эканаміст Леў Львоўскі патлумачыў, што чакае краіну праз 15 гадоў, калі не пачаць дзейнічаць сёння.

У новым выпуску ТОКу (тэкставая версія — Наша Ніва) вядомы эканаміст, акадэмічны дырэктар цэнтра BEROC Леў Львоўскі патлумачыў, чаму цяперашняя пенсійная мадэль састарэла, а адказаў на пытанні, ці справядліва, што жанчыны выходзяць на адпачынак раней, і што чакае краіну праз 15 гадоў, калі не пачаць дзейнічаць сёння.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць далейшага павышэння пенсійнага ўзросту, Львоўскі адзначыў, што прастора для гэтага ўсё яшчэ ёсць — але не для ўсіх.

«Павышаць ёсць куды. Можна жанчынам павысіць. У нас у жанчын усё яшчэ час выхаду на пенсію на пяць гадоў ранейшы, чым у мужчын».

Леў Львоўскі

Як даводзіць эканаміст, такая розніца з’явілася не праз сучасныя дыскусіі пра роўнасць, а як спадчына індустрыяльнай эпохі.

У першай палове ХХ стагоддзя, калі ўзнікла пенсійная сістэма, людзі жылі значна менш, працавалі пераважна фізічна, а жанчыны нараджалі шмат дзяцей без магчымасцяў сучаснай медыцыны. У гэтых умовах больш ранні выхад жанчын на пенсію быў сацыяльна апраўданым.

Як даводзіць Львоўскі, калі пенсіі ўводзіліся, большая частка людзей проста не дажывала да іх. Гэта была не ўзнагарода за доўгую працу, а хутчэй страхоўка ад галечы для тых нешматлікіх, хто ўсё ж дажываў да старасці і ўжо не мог працаваць.

Цяпер жа сітуацыя іншая. На рынку ўжо не дамінуе фізічная праца, істотна палепшылася медыцына, людзі жывуць даўжэй і здаравей. Эканаміст прапануе параўнаць сучаснага 30‑гадовага мужчыну і яго равесніка сто гадоў таму:  «[Раней] у 30 гадоў гэта быў сталы мужчына, які пабачыў жыццё. У яго ўжо жонка, дом і шасцёра дзяцей. Ён, можа, ужо схадзіў на вайну, яшчэ кудысьці. Чалавек з маршчынамі, акладзістай барадой.

Ну а сучасны трыццацігадовы чалавек… У Еўропе афіцыйна яшчэ моладзь да 35 гадоў! Гэта чалавек, які, хутчэй за ўсё, яшчэ шукае сябе, можа быць, у пачатку кар'еры, часта жыве з бацькамі, часта не мае уласнага дома, часта яшчэ і нежанаты, без дзяцей і гэтак далей.

Гэта не таму, што мы сталі больш наіўнымі. Гэта таму, што наша жыццё стала лягчэйшым, і жыццё дазваляе нам даўжэй быць, скажам так, бесклапотным. Гэта пабочны эфект эканамічнага развіцця».

Разам з тым Львоўскі падкрэслівае: сітуацыя з мужчынамі ў Беларусі патрабуе асобнага падыходу. На яго погляд, краіна сутыкнулася з адной з самых вялікіх у свеце розніц у працягласці жыцця мужчын і жанчын.

У нас жанчыны на пяць гадоў раней выходзяць на пенсію, а яшчэ жанчыны на 10 гадоў даўжэй у сярэднім жывуць, чым мужчыны. Гэта наогул нацыянальная катастрофа.

Менавіта таму, лічыць эканаміст, павышаць пенсійны ўзрост для мужчын цяпер фактычна няма магчымасці: «Мужчынам цяпер павышаць пенсійны ўзрост літаральна няма куды. (…) Паводле некаторых даных, у нас мужчыны наогул адзін год жывуць на пенсіі ў сярэднім. То-бок тут ёсць сур'ёзная праблема, але гэта асобная праблема».

На думку Львоўскага, галоўная праблема заключаецца ў тым, што пасля павышэння пенсійнага ўзросту некалькі гадоў таму ўлады не правялі сістэмных змен.

Як адзначае эканаміст, без комплекснай рэформы дзяржаве давядзецца вяртацца да гэтага пытання зноў і зноў:

Адзін раз павысілі пенсійны ўзрост, рэформы ніякай не правялі пры гэтым. То-бок цяпер трэба будзе зноў павышаць. Павышаць пенсійны ўзрост трэба разам з агульнай пенсійнай рэформай, каб не спатрэбілася гэта рабіць потым зноў яшчэ праз пяць гадоў, а пасля яшчэ праз пяць гадоў.

Выйсце Львоўскі бачыць у пераходзе да змешанай пенсійнай сістэмы, пры якой частка абавязковых адлічэнняў будзе назапашвацца на асабістых рахунках грамадзян.

На яго думку, зрабіць гэта яшчэ магчыма, але толькі калі не зацягваць: «Мы гэта сабе яшчэ можам дазволіць. Але зноў жа — пакуль не позна. Калі мы пачнем гэтую рэформу праз 15 гадоў, то будзе ўжо позна».

Эканаміст папярэджвае, што без зменаў краіне давядзецца выбіраць паміж двума непапулярнымі сцэнарыямі: альбо істотна павышаць падаткі для тых, хто працуе, альбо сутыкнуцца з масавым незадавальненнем людзей пенсійнага ўзросту.

Як адзначыў Львоўскі, у Беларусі няма крыніцы «лёгкіх грошай», з якой можна было б фінансаваць пенсійную сістэму: «У нас у Беларусі не петракратыя. У нас усё, што ствараецца, ствараецца людзьмі».

З гэтай прычыны, тлумачыць эканаміст, пенсіі заўсёды аплачваюць тыя, хто ў гэты момант працуе і стварае эканамічную каштоўнасць.

Калі сістэму не рэфармаваць загадзя, то ў 2040— 2050‑х гадах усё большая частка заробкаў работнікаў будзе пераразмяркоўвацца на выплаты ўсё большай колькасці пенсіянераў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(7)