Общество

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Новаўвядзенні ў надглядзе закранаюць як тых, хто вяртаецца на радзіму з Еўропы аўтобусам, так і тых, хто прылятае з адпачынкаў ці камандзіровак самалётам, піша Наша Ніва. Тым, у каго ў біяграфіі быў палітычны пратакол, пры праходжанні мяжы, апроч праверкі тэлефона, загадваюць раздзявацца.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Як распавялі «Нашай Ніве» некалькі чалавек, упершыню на практыку распранання на мяжы, яны натрапілі вясной.

«Праверкі такія пачаліся як мінімум з красавіка. Хаця распранаюць не заўсёды — могуць абмежавацца праглядам тэлефона.

Але калі ўсё ж раздзяваюць, просяць застацца ў адных трусах. Адбываецца гэта пры двух панятых — сваіх (напрыклад, прыбіральшчыцы) ці рандомных людзей з аўтобуса. Пасля на подпіс працягваюць пратакол пра тое, што правялі надгляд. Пры гэтым ніхто не тлумачыць, у чым справа — «такое распараджэнне зверху», — апісвае непрыемны досвед адзін з суразмоўцаў.

Яшчэ аднаму беларусу, які перажыў такі досвед па вяртанні з Еўропы дамоў, патлумачылі, што такія дзеянні могуць праводзіцца па рашэнні начальніка мытні ў дачыненні да асобы, «калі да яе няма даверу».

Жанчыну, якая прыляцела з сям'ёй з адпачынку ў Турцыі, забралі на індывідуальны надгляд, бо пасля выбараў 2020‑га яе затрымлівалі на маршы.

«Мяне раздзелі да трусоў і станіка. Пры мне, акрамя мытніцы, знаходзіліся дзве так званыя панятыя — дзяўчыны з пашпартнага кантролю. Мытніца праверыла ўсе швы ў маіх рэчах. Праглядзела ў тым ліку мой абутак і шкарпэткі, каб праверыць, ці не схавана там чагосьці», — расказвала яна знаёмым.

Жанчыну з 2020‑га спыняюць на мяжы ўвесь час, нават калі яна вяртаецца з Расіі. Праўда, раней усё абмяжоўвалася праглядам тэлефона.

«Я спытала, што за новаўвядзенне. Мне адказалі, што дадатковы надгляд рэчаў робіцца выбарачна па загадзе начальніка мытні. Прычым цяпер яны могуць рабіць і надгляд цела — маўляў, такія вось у іх рэформы».

Згодна з артыкулам №329 Мытнага кодэкса ЕАЭС, асабісты надгляд на мяжы можа праводзіцца пры наяўнасці падставы лічыць, што грамадзянін хавае ў сябе пэўныя тавары, якія парушаюць правілы іх перамяшчэння па тэрыторыі краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

У выпадку Беларусі гэтым правілам злоўжываюць, каб трымаць народ у няволі і пакоры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)