Бывала, што моцны спартсмен гатовы быў здаць усіх за дадатковую парылку, а ціхі матэматык з двума вышэйшымі адукацыямі заставаўся непахісным. Калі да такога чалавека прыязджалі з КДБ, ён так разносіў іх аргументы, што тыя проста адмаўляліся вяртацца.
Цімур Піпія: «Нельга забыць пра перажытае. Гэта як прымусіць вязня Асвенцыма перавярнуць старонку»
Былы палітвязень у інтэвью Вясне – пра шэсць гадоў у ПК-15 і вяртанне да жыцця.
Цімур Піпія вызваліўся з ПК-15 два месяцы таму. Ён правёў у зняволенні шэсць гадоў, пяць з якіх — ва ўмовах узмоцненага рэжыму гэтай калоніі. Першыя два з паловай гады ён быў цалкам пазбаўлены спатканняў і хоць якой сувязі з сям'ёй.
У калоніі ён перажыў смерць маці, трагічную навіну пра якую атрымаў проста ў кабінеце начальніка, а таксама назіраў за прэсінгам малодшага брата, затрыманага следам за ім.
Паступова адаптуючыся да мірнага жыцця пасля «эмацыйнага выбуху» першых тыдняў свабоды, ён распавёў праваабаронам пра дэталі зняволення і рэфлексіі з гэтай нагоды.

Цімур адразу адзначае, што досвед кожнага палітвязня ўнікальны. Ён падкрэслівае, што ў калоніі № 15 умовы могуць адрознівацца нават у суседніх атрадах, бо залежаць ад аператыўнага супрацоўніка або ўспрымання рэальнасці самім палітвязнем.
Распавядаючы сваю гісторыю, мужчына заклікае не абагульняць яго словы на ўсіх зняволеных, бо кожны праходзіць гэты шлях па-свойму.
— Публічнае вынясенне нейкай лютай жэсці ў інфармацыйнае поле небяспечнае сур'ёзнымі наступствамі для родных тых, хто яшчэ сядзіць, — тлумачыць Цімур. — Тыя, хто знаходзіцца ў зняволенні даўно, ужо прывыклі да абстаноўкі, але іх сваякі на волі жывуць у пастаянным страху.
Калі на гэты шок навальваецца аповед пра тое, як кагосьці збівалі або прыніжалі, мама зняволенага перш за ўсё пытаецца ў яго падчас тэлефанавання, ці не рабілі так з ім. Мне б не хацелася наносіць лішніх удараў па людзях, якія і так знаходзяцца на мяжы сваіх эмацыйных сіл.
Катаванне часам і руціна «дня сурка»
Цімур распавядае, што жыццё ў ПК № 15 падпарадкаванае жорсткаму графіку, які з часам ператвараецца ў бясконцую паслядоўнасць аднолькавых дзеянняў.
Сістэма выбудаваная так, каб чалавек пастаянна знаходзіўся ў стане чакання, губляючы адчуванне рэальнасці. Пастаянныя праверкі, пералікі ды шматгадзінныя чэргі на прамзону становяцца фонам.
Цімур упэўнены, што менавіта гэтае бессэнсоўнае марнаванне часу з'яўляецца самым цяжкім выпрабаваннем для любога чалавека.
— Ты проста існуеш у гэтай штодзённай руціне, якая высмоктвае з людзей здароўе не праз празмерныя пакаранні, а праз пастаянныя чаканні ды стаянні на месцы, — тлумачыць былы палітвязень. — Кожную раніцу ты прачынаешся, здзяйсняеш адны і тыя ж рытуалы і перш за ўсё глядзіш на сваю бірку з лічбамі тэрміну. Гэта маментальна псуе настрой на ўвесь дзень, бо ты разумееш, наколькі далёка яшчэ да світання.
Адміністрацыя выкарыстоўвае распарадак дня для падтрымання дысцыпліны, прымушаючы сотні дарослых мужчын падоўгу чакаць сваёй чаргі ў сталовую або на прамысловую зону.
У гэтыя моманты псіхалагічнае напружанне дасягае піка, становіцца глебай для ўспышак агрэсіі і канфліктаў паміж зняволенымі. Пастаяннае знаходжанне ў натоўпе, дзе немагчыма адасобіцца нават на хвіліну, разбурае асабістую прастору і прымушае кожнага быць у пастаянным тонусе.
Выхадныя дні, якія мусяць быць часам адпачынку, часта запаўняюцца прымусовымі праверкамі знешняга выгляду або праглядам прапаганды.
— Можна прастаяць да паўтары гадзіны, проста ў чаканні, пакуль твой атрад па чарзе запусцяць на працу, ды ніхто не дазволіць табе прысесці або вярнуцца ў памяшканне, — распавядае мужчына. — Вы стаіце на вуліцы ў любое надвор'е, неяк я нават падлічыў, што некалькі месяцаў чыстага часу правёў проста на гэтых праверках. Большасць канфліктаў успыхвае менавіта ў такія моманты, калі ў дарослых мужыкоў проста здаюць нервы ад вымушанай бяздзейнасці. Гэта цяжка перажываюць усе: і палітычныя, і тыя, хто сядзіць за забойствы ці наркотыкі.
Сталёвы стрыжань у экстрэмальных умовах

Ва ўмовах калоніі сапраўдная натура чалавека выяўляецца значна хутчэй і ярчэй, чым на волі. Цімур адзначае парадаксальную заканамернасць: людзі, якія здаваліся фізічна моцнымі і валявымі, часта ламаліся пад ціскам дробных бытавых нязручнасцяў.
У той жа час тыя, каго лічылі «мяккімі» прадстаўнікамі інтэлігенцыі, дэманстравалі неверагодную цвёрдасць духу і непахіснасць прынцыпаў.
— Я быў у шоку, калі звычайны настаўнік гісторыі паказаў такі сталёвы стрыжань, які дай бог мець кожнаму атлету, — прызнаецца палітвязень. — Турэмны досвед прымусіў мяне цалкам перагледзець крытэрыі ацэнкі людзей і перастаць судзіць пра іх па знешніх прыкметах.
Стаўленне адміністрацыі да палітычных зняволеных у калоніі шмат у чым вызначалася артыкулам абвінавачвання і асабістым бэкграўндам чалавека. Цімур адзначае, што асуджаныя паводле 293-га артыкула (масавыя беспарадкі) часта нават карысталіся негалоснай павагай у маладых супрацоўнікаў міліцыі.
У той жа час катэгорыяй «каментатараў» адміністрацыя дэманстратыўна пагарджала, лічачы іх прадстаўнікамі «канапавых войскаў». Такі падзел на «сваіх» і «чужых» ствараў спецыфічную атмасферу, дзе за мінулыя бойкі з АМАПам маглі дараваць дробнае парушэнне, а за пост у сацсетках — адправіць у ШІЗА.
— Стаўленне да мяне як да футбольнага фаната было спецыфічным, бо супрацоўнікі ведалі пра мае бойкі на вуліцах і пэўны бэкграўнд, — распавядае мужчына. — Маладыя афіцэры часам праяўлялі нават некаторую павагу да гэтага пацанскага духу, бо бачылі ўва мне зразумелага ім праціўніка, бо яны выраслі ў падобным асяроддзі. Тыя ж, хто заязджаў паводле 293-га артыкула, часта ўспрымаліся як больш годныя хлопцы ў параўнанні з тымі, хто проста пісаў у інтэрнэце.
Сістэма «нізкага статусу» і метады прыніжэння
Адным з метадаў ціску ў беларускіх турмах з'яўляецца пагроза паніжэння сацыяльнага статусу зняволенага або спроба прыраўняць палітычных да катэгорыі «нізкага статусу». Для гэтага выкарыстоўваюцца бытавыя абмежаванні: забароны на зносіны, наведванне крамы ў апошнюю чаргу і выкарыстанне пэўных прадметаў.
Нярэдка самі зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, станавіліся галоўнымі выканаўцамі гэтых схем. Для многіх палітвязняў барацьба супраць гэтага зраўноўвання была пытаннем захавання чалавечай годнасці.
— Адміністрацыя спрабавала зраўнаваць моцных духам людзей, якія маюць сем'і ды дзяцей, з педафіламі — самай гідкай часткай грамадства, — з абурэннем кажа Цімур. — У нашых турмах такія персанажы адчуваюць сябе максімальна прывольна, ходзяць на спатканні ды карыстаюцца абаронай супрацоўнікаў. Калі ты скажаш супраць каго-небудзь з іх хоць слова, цябе ў той жа дзень адправяць сядзець у ШІЗА. Сістэма свядома стварала ўмовы, каб палітычны вязень альбо зламаўся і пагадзіўся на гэты статус, альбо з'ехаў на крытую турму за адмову падпарадкоўвацца.
Псіхалагічны ціск у калоніі не абмяжоўваўся гэтым і ўключаў ў сябе жорсткае абмежаванне сувязяў з навакольным светам. Аператыўнікі мелі поўную ўладу над перапіскай і тэлефоннымі званкамі, пазбаўляючы зняволеных падтрымкі блізкіх, згодна з сваім меркаваннем. Адсутнасць магчымасці ўбачыць родных на працягу некалькіх гадоў было адным з самых цяжкіх відаў пакарання.
— Аператыўнік можа проста вырашыць, што ты не пойдзеш на спатканне, нават калі начальнік установы афіцыйна не супраць, — удакладняе суразмоўца. — Я ведаю хлопцаў, якія па тры-чатыры гады знаходзяцца ў калоніі ды ні разу не чулі голасу маці, праз асабістыя пастановы адміністрацыі. Сустрэча з сям'ёй — гэта як дата вызвалення, яна дае табе зарад энергіі на месяцы наперад. Калі цябе пазбаўляюць гэтага мастка з воляй, час пачынае ісці значна павольней, і ты паступова апускаешся ў апатыю.
Псіхалагічная дапамога як прадвеснік бяды
Псіхалагічная дапамога ў калоніі існуе: нумар псіхолага вісіць на бачным месцы, фармальна кожны асуджаны можа звярнуцца па падтрымку, хоць рэальная дапамога аказваецца выбіральна. Для палітычных вязняў візіт у кабінет псіхолага часцей за ўсё станавіўся сігналам аб атрыманні дрэнных навін з дому.
— Доступ да псіхолага быў ва ўсіх, і я ведаю хлопцаў, якія праз іх нават прымудраліся атрымліваць антыдэпрэсанты для падтрымання псіхікі, — тлумачыць Цімур. — Аднак у калоніі склалася ўстойлівае перакананне, што калі цябе вядуць у гэты кабінет, значыць, на волі здарылася нешта па-сапраўднаму жудаснае. Туды не клічуць для прыемных гутарак, а выклікаюць толькі тады, калі яны ўбачылі, што ў лісце табе паведамілі пра развод або смерць блізкага сваяка. Гэта месца стала для нас сімвалам бяды, і адзін толькі выгляд гэтых дзвярэй прымушаў сэрца сціскацца ад благіх прадчуванняў.
Асабісты досвед Цімура пацвердзіў гэтае правіла: менавіта ў кабінеце псіхолага ён мусіў даведацца пра смерць маці. Аднак у яго выпадку начальнік калоніі Лазарэнка вырашыў асабіста паведаміць гэтую навіну, паказаўшы запіс з замежнага радыё.
— Падтрымка незнаёмых людзей і сяброў прыемная, але толькі ўсведамленне таго, што сям'я побач, дае сілы не зламацца канчаткова, — распавядае Цімур. — Калі памерла мама, начальнік калоніі нечакана праявіў чалавечы бок, даўшы мне тры дні адпачынку ад усіх праверак і правілаў. У той жа час майму брату гэтую навіну проста крыкнулі ў кармушку камеры ШІЗА, дадаўшы да гэтага здзеклівыя каментары.
Повязь кратамі: якія сем'і аказваюцца ў зняволенні
Затрыманне братоў аказалася нечаканасцю для ўсёй сям'і.
Сям'я для чалавека ў няволі становіцца адзіным сапраўдным сэнсам і галоўным рэсурсам для выжывання ў ізаляцыі. Цімур з асаблівай цеплынёй кажа пра сваю малодшую сястру Луізу, якая ў маладым узросце была вымушана стаць кіраўніцай сям'і ды ўзяць на сябе клопат пра братоў у турме.
На працягу двух з паловай гадоў ён не меў магчымасці бачыць родных на спатканнях, а пасылкі былі забароненыя больш за год. Цімур адзначае, што перажыванні за блізкіх у няволі адчуваюцца значна вастрэй, бо зняволены пазбаўлены магчымасці абараніць іх ці аказаць рэальную дапамогу.
Ён успамінае пастаянную трывогу за брата, які таксама знаходзіўся ў зняволенні ды зазнаваў прэсінг. Інфармацыя аб праблемах сваякоў на волі ўспрымаецца як асабістая трагедыя, узмоцненая пачуццём віны за сваё бяссілле.
— Я адчуваў велізарную адказнасць за брата з самага дзяцінства, і ўсведамленне таго, што яго затрымалі следам за мной, было самым жудасным момантам, — дзеліцца Цімур. — У турме ты дакладна ведаеш, што адбываецца з табой асабіста, а для тваіх родных кожны дзень ператвараецца ў жах і нявызначанасць.
Самае страшнае — гэта калі ты не можаш абараніць сваіх блізкіх ад допытаў у КДБ, якія праводзяцца толькі праз іх дапамогу табе. Турма прымушае цябе ўсвядоміць, што сям'я — гэта самае каштоўнае, што наогул можа быць у чалавека ў жыцці.
Вайна, санкцыі ды ўплыў знешняга парадку дня
Цімур заўважае, што настроі ўнутры калоніі і стаўленне адміністрацыі да палітычных вязняў наўпрост залежаць ад падзей у свеце. Супрацоўнікі калоніі ўважліва сочаць за знешнепалітычнымі навінамі ды часам самі не ведаюць, як рэагаваць на крызісныя сітуацыі.
Эканамічныя санкцыі таксама выразна адчуваюцца ўнутры турмы праз апусцелую прамзону ды прыпыненне вытворчасцяў. Сярод зняволеных пытанне аб зняцці санкцый у абмен на вызваленне застаецца прадметам самых гарачых і балючых спрэчак.
— Калі пачалася вайна, у калоніі на паўгода стала вельмі кепска, адміністрацыя нібы праецыравала знешнюю агрэсію на нас, — успамінае палітвязень. — Санкцыі рэальна працуюць, і мы бачылі гэта па тым, як у кіраўніцтва калоніі "зносіла галаву" праз страты кліентаў у Польшчы. Праца на прамзоне практычна спынілася, нас прымушалі калупацца ў смецці, абы мы былі чымсьці занятыя. Многія з тых, хто сядзіць з дваццатага года, катэгарычна супраць любога зняцця санкцый, бо лічаць гэта здрадай нашых агульных мэтаў.
Кошт публічнасці ды «праверкі з Мінска»
Прапаганда ў калоніі працуе бесперапынна, спрабуючы пераканаць зняволеных у тым, што свет пра іх забыўся, а іх барацьба пазбаўленая сэнсу. Аднак вязні навучыліся чытаць навіны паміж радкоў, інтэрпрэтуючы афіцыйныя паведамленні дзяржаўных СМІ.
Інфармацыя пра марафоны салідарнасці ці акцыі падтрымкі ўсё адно трапляе за калючы дрот праз сваякоў і адвакатаў. Для многіх гэта становіцца адзіным пацвярджэннем таго, што іх ахвяра мае значэнне для будучыні краіны.
Павышаная ўвага СМІ і праваабаронцаў да канкрэтнага прозвішча зняволенага ў калоніі можа абярнуцца для яго дадатковымі праблемамі. Цімур тлумачыць, што адміністрацыя хваравіта рэагуе на любыя згадкі сваіх падапечных у інтэрнэце або на замежных рэсурсах.
Як толькі пра чалавека пачынаюць актыўна казаць, у калонію можа прыехаць вялікая праверка з Мінска з пытаннем, чаму да яго столькі ўвагі. Каб «супакоіць» правяраючых, супрацоўнікі часта адпраўляюць такога зняволенага ў ШІЗА, дэманструючы суровасць кантролю. Такім чынам, публічнасць становіцца палкай з двума канцамі: яна абараняе ад забыцця, але правакуе новыя рэпрэсіі ўнутры зоны.
— Перад маім вызваленнем хлопцы падзяліліся ў меркаваннях: адны прасілі распавядаць усё як ёсць, іншыя раілі маўчаць дзеля іх бяспекі, — тлумачыць Цімур. — Я абраў шлях праўды, але стараюся казаць агульнымі катэгорыямі, каб не падстаўляць пад удар тых, хто ўсё яшчэ застаецца ў руках адміністрацыі.
Супрацоўнікі калоніі ўважліва манітораць інфармацыйнае поле і часам з раздражненнем выказваюць зняволеным прэтэнзіі за новыя публікацыі. Начальнік установы мог асабіста зачытаць вытрымкі з інтэрв'ю былых вязняў, высмейваючы іх ці абвяргаючы дэталі турэмнага побыту.
Нягледзячы на паказную абыякавасць і браваду, міліцыянты ў глыбіні душы баяцца агалоскі і траплення ў «чорныя спісы». Цімур заўважаў, як у некаторых супрацоўнікаў літаральна дрыжалі рукі, калі яны згадвалі аб сваёй публічнасці ў негатыўным ключы.
На думку палітвязня, страх перад будучыняй і немагчымасцю выехаць у Еўропу сталі для іх рэальным, хоць і схаваным пакараннем.
Салідарнасць, здрада і далікатнасць надзеі
Цімур распавядае, што ў калоніі ён стараўся дапамагаць пачаткоўцам, даючы парады па бяспецы і дзяліўся рэсурсамі, але не заўсёды гэтая дапамога прымалася. Асаблівую горыч выклікалі выпадкі здрады, калі людзі, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў, пачыналі супрацоўнічаць з адміністрацыяй дзеля дробных выгод.
Мужчына ўспамінае выпадак, калі палітвязень «стукаў» на тых, хто хадзіў на стадыён, каб выслужыцца перад начальствам. Навіны аб памілаваннях успрымаліся ў калоніі з вялікай доляй скепсісу і нават здзіўлення праз выбар кандыдатур.
— Для многіх быў сапраўдны шок, калі па памілаванні пачалі забіраць людзей, якім да канца тэрміну заставалася ўсяго пару месяцаў, — тлумачыць мужчына. — Такая палітыка ўладаў выглядала як здзек з тых, каму яшчэ сядзець доўгія гады без усялякай надзеі на перагляд справы.
Я прасіў сваю сястру ніколі не пісаць мне пра чуткі пра вызваленне, калі яна не ведае пра гэта на сто адсоткаў афіцыйна. У турме ты жывеш толькі верай, і калі гэтую веру ў цябе забіраюць праз ілжывае абяцанне, аднавіцца пасля такога ўдару практычна немагчыма.
Вяртанне: эмацыйны выбух і прорва паміж светам
У зняволенні Цімур паставіў сабе мэту: выйсці з турмы максімальна здаровым, каб быць карысным сваёй сям'і ды краіне ў будучыні. Ён свядома пазбягаў лішніх канфліктаў, якія маглі б прывесці да незваротных наступстваў для здароўя, разумеючы важнасць самазахавання.
— Там, у зняволенні, я ўвесь час думаў пра тое, што павінен выйсці на волю маладым і моцным, каб мець магчымасць прыносіць карысць, — кажа суразмоўца. — Маёй галоўнай задачай было выжыць і захаваць псіхічнае здароўе, нягледзячы на ўсё тое вар'яцтва, якое адбывалася вакол. Я разумеў, што калі звар'яцею або стану інвалідам, то рэжым пераможа мяне канчаткова, таму я стараўся берагчы сябе дзеля будучыні.
Выхад на волю пасля доўгага тэрміну не прыносіць імгненнага палягчэння, а хутчэй правакуе магутны эмацыйны крызіс. За гады ў калоніі Цімур навучыўся быць халодным і цынічным, душыць эмоцыі для захавання ўласнай псіхікі ў жорсткіх умовах. Аднак пасля перасячэння мяжы ўвесь гэты назапашаны груз вырваўся вонкі ў выглядзе глыбокай рэфлексіі.
Сутыкненне з светам, які жыве сваім звычайным жыццём, стала для яго сур'ёзным псіхалагічным выпрабаваннем. Аказалася, што паміж тымі, хто прайшоў праз турму, і тымі, хто застаўся ў бяспецы, пралягла велізарная прорва.
— У турме ты не можаш дазволіць сабе слабасць, нават калі побач з табой у сталовай памірае чалавек, але на волі гэты груз выбухае, — прызнаецца суразмоўца. — Спачатку слёзы цякуць самі па сабе падчас прагляду звычайных навін або ўспамінах пра маму, і з гэтымі эмоцыямі немагчыма справіцца. Але мяне раздражняе, калі кожны другі наровіць прапанаваць псіхалагічную дапамогу, нібы я глыбока хворы інвалід. Я шэсць гадоў капаўся ў сваёй свядомасці ды вывучыў усе яе цёмныя куты, таму цяпер мне проста патрэбны час, каб навучыцца жыць нанова.
У тыя два дні, што ён правёў у Беларусі, Цімур заўважыў, што за гады адсутнасці краіна змянілася, напоўнілася атмасферай страху. Таму Цімур не можа і не хоча дараваць сістэме. Для яго барацьба не скончылася за варотамі калоніі, яна перайшла ў фазу захавання памяці аб кожным, хто яшчэ застаецца за калючым дротам. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён ні пра што не шкадуе, захаваўшы свой унутраны стрыжань і вернасць прынцыпам.
— Нельга забыць пра перажытае, калі ў турмах працягваюць здзекавацца з людзей і ламаць іх лёсы за іншадумства, — цвёрда заяўляе Цімур. — Гэта як прымусіць вязня Асвенцыма перавярнуць старонку і зрабіць выгляд, што нічога страшнага не адбылося.
Я адчуваю сябе іншым чалавекам, і мне дагэтуль цяжка знаходзіць агульную мову з тымі, хто не прайшоў праз гэты досвед. Пакуль я жывы, я буду памятаць пра кожнага свайго таварыша, і зраблю ўсё магчымае, каб тыя, хто тварыў гэтае беззаконне, панеслі заслужанае пакаранне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное