Филин

Юлія Кот

Лаўрухін: «Пасля 2020 года Лукашэнку стала зразумела — некуды вывозіць Колю, каб уратаваць таму жыццё»

Намеснік прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях адукацыі і навукі АПК Андрэй Лаўрухін абмеркаваў з Филином беларуска-кітайскую адукацыйную праграму і лёс малодшага сына правіцеля.

У Пекіне адбылося ўручэнне дыпломаў выпускнікам першай сумеснай  адукацыйнай праграмы паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам па спецыяльнасці «біятэхналогія». Цырымонію наведаў Аляксандр Лукашэнка — як трапна адзначылі беларусы, правіцель злятаў бізнес-джэтам на выпускны малодшага сына Мікалая.

Мяркуючы па кадрах з цырымоніі, Пекінскі ўніверсітэт разам з Лукашэнкам-малодшым скончылі яшчэ чатыры беларусы. Лукашэнка-старэйшы паабяцаў у гутарцы з бацькамі маладых людзей, што «будзе прыглядваць, каб яны нармальна працавалі». І дадаў: у нашай краіне ў найбліжэйшы час будзе створаны «спецыяльны цэнтр прафесій будучыні» для таленавітай моладзі і не толькі.

Натуральна, міжволі ўзнікае пытанне, што цэнтр ствараецца адмыслова пад Мікалая Лукашэнку, і ўзнікае пытанне ягоных перспектыў.

Беларусы бачылі, як клапатлівы бацька «вучыўся» разам з сынам у школе, дзе пад яго перапісвалі падручнікі і змянялі расклад урокаў, «паступіў» ва ўніверсітэт, і на біяфаку БДУ тут жа з’явілася найсучасная комплексная лабараторыя біялогіі бялку. Што далей?

«Коля не вывучае фізіку, ён любіць біялогію»

— Фармальна, Лукашэнка-малодшы навучаўся за кошт дзяржавы і мусіць адпрацаваць размеркаванне. Але ж цяжка сабе ўявіць, што першым месцам ягонай працы стане саўгас ці, скажам, фарэлевая ферма, з дзясятак якіх ягоны бацька даручыў пабудаваць у Беларусі…

— Размеркаванне Мікалая Лукашэнкі — гэта рытарычнае пытанне, — мяркуе Андрэй Лаўрухін. — Бо ў відэа ад лукашэнкаўскай прэс-службы гучала абяцанне стварыць новы цэнтр, менавіта па біятэхналогіях, біялагічнай інжынерыі, іншых прарыўных і інавацыйных тэхналогіях.

Таму цалкам могуць аформіць размеркаванне туды, але нават калі ён будзе працаўладкаваны на ферме — то ўсё будзе не так, як у простых людзей.

Але я хацеў бы акцэнтаваць увагу на іншым. Што ў Беларусі галоўны інстытут — гэта сам Лукашэнка і яго сям’я. Мы бачылі на прыкладзе Колі, як у БДУ стварылі адукацыйную праграму. Зараз будзе стварацца новы навуковы цэнтр — гэта таксама інстытут.

То-бок, інстытуты вырастаюць з патрэб гэтых людзей: іх вучоба, працаўладкаванне, будучыня, іншыя жыццёвыя адпраўленні. Гэта насамрэч істотная прыкмета беларускай сістэмы: інстытуцыйны рост, адукацыйная і навуковая палітыка — толькі вытворная ад Лукашэнкі і ягонай сям’і ды блізкага атачэння.

Чаму, напрыклад, не адкрыць інстытут па фізіцы, дзе ёсць добрая школа, нават асобны інстытут у НАН, дзе шмат напрацовак. Скажам, оптыка мае прыкладныя, паспяховыя праекты і стартапы, у тым ліку запатрабаваная ў ВПК. Чаму не сюды ўкласці грошы? Адказ просты: таму што Коля не вывучае фізіку, ён любіць біялогію.

А галоўнае пытанне, на мой погляд — у тым, што гарызонт планавання з такім падыходам вельмі абмежаваны і рызыкоўны. Бо калі нешта здарыцца са згаданымі асобамі — што тады, праекты скончацца, і далейшага развіцця не будзе?

Альбо Коля сыдзе, а лабараторыя і навуковы цэнтр застануцца? Можа, і так, але гэта няпэўна.

— І ўсё ж такі — для беларускай навукі, магчыма, добра, што ёсць увага дзяржавы? Ці на выхадзе атрымаем чарговую БНБК альбо такі «перадавы навуковы цэнтр», асноўнай мэтай якога будзе забяспечваць Мікалаю і набліжаным заробкі не як у звычайных маладых спецыялістаў, а нясціплыя, як ва ўсіх чальцоў сям’і правіцеля?

— Так, ёсць сумнеў, ці не вырадзіцца ўсё гэта ў кола знаёмых і сяброў, каб лаяльнасць не перавышала сапраўдныя кампетэнцыі і здольнасці.

Бо калі сапраўды будзе створаны такі цэнтр, у які будуць трапляць найбольш здольныя, таленавітыя і амбітныя навукоўцы — гэта будзе добра для краіны, ніхто не аспрэчвае. Калі ж гэта палітычны праект, звязаны толькі з асабістым лёсам сына Лукашэнкі і яго добрых сяброў — тое зусім іншая гісторыя.

Кадры, як бацькі выпускнікоў выстраіліся ў ланцужок і дзякуюць правіцелю за сваіх дзяцей — на мой погляд, яскравы маркер таго, як можна быць шчаслівым на Беларусі: калі ты асабіста паціскаеш руку Лукашэнку. Але ж сёння мы не ведаем, як далей складзецца лёс усіх гэтых людзей. Колькі было прыкладаў сяброў ці набліжаных да Лукашэнкі, бізнесоўцаў — а потым яны апыналіся ў турме.

Тое самае і з навуковым цэнтрам.

Гэта хіба аўтарытарнага рэжыму, калі няма натуральнай логікі развіцця інстытутаў, каб тыя жылі доўга і маглі канкурыраваць з іншымі на рэгіянальным ці глабальным узроўні, мелі добры менеджмент, фінансаванне, найлепшых выкладчыкаў, самых таленавітых студэнтаў. Пакуль мы нічога гэтага не бачым, ёсць толькі «хацелкі», намеры,  жаданні і мары.

І рэкурсіўна гледзячы на тое, што зрабіў Лукашэнка ў адукацыі — для Беларусі пакуль у гэтым больш мінусаў, чым плюсаў.

Праўленне новага ўзору ці запасны аэрадром?

Узнікае і яшчэ адно пытанне: мяркуючы па двух дыпломах, Мікалай Лукашэнка скончыў і БДУ, і Пекінскі ўніверсітэт. А значыць, мусіць адслужыць у арміі. Імаверна, нас чакае наступны серыял — рэфармаванне памежных (ці іншых) войскаў. Альбо не? Што пераважыць — любоў Лукашэнкі да папулізму ці іншыя разлікі і рызыкі?

На думку Андрэя Лаўрухіна, акурат гэта не самая важная частка гісторыі. Калі спатрэбіцца, лічыць ён, знойдуцца тлумачэнні і прычыны, чаму сын правіцеля ідзе альбо не ідзе служыць. І нават калі правадыр рэжыму нічога не скажа на гэты конт, тое будзе прынята ягоным атачэннем.

— Мне падаецца, істотна іншае. Мікалай — надта адукаваны і надта разумны ў сям’і Лукашэнкі. Бо старэйшыя сыны не валодаюць ніякімі выключнымі здольнасцямі, яны такія, як і іх бацька: «хлопцы з вёскі». І дасягненні малодшага відавочна цешаць бацькоўскі гонар Лукашэнкі.

Аднак лёс усіх дзяцей дыктатараў даволі складаны, гэта вялікі выклік. І мне падаецца, тое, што спрабуе выбудаваць Лукашэнка, што пасля 2020 года стала вельмі зразумела — некуды вывозіць Колю, каб уратаваць таму жыццё. Уладкаваў вучыцца ў Кітай — і калі нешта здарыцца, ён не стане сакральнай ахвярай у Беларусі. Бо зможа жыць і працаваць у КНР, дзе яго ведаюць, дзе ўжо наладжаныя сувязі.

А з другога боку, калі разглядаць пытанне, ці можа стаць Лукашэнка-малодшы наступным прэзідэнтам, — мы бачылі, што паўсюль яго бацька цягаў, нават пасля тэракту ў мінскім метро ці ў 2020-м годзе разам бегалі ў камуфляжу.

Мяркую, Лукашэнка разрываецца паміж дзвюма ідэнтычнасцямі. Ці ўратаваць сына, ці выбудаваць для яго палітычную кар’еру, толькі больш цывілізаваную. Каб быў іншы вобраз, не «просты мужык з народу», а адукаваны, інтэлігентны, з дзяцінства мае важныя сувязі (і з Папам Рымскім за руку вітаўся, і з Пуціным, і з Сі Цзіньпінам) — гэткі злом шаблону.

Хоць па цяперашняй Канстытуцыі яшчэ сама меней 14 год да моманту, як Коля мог бы абірацца ў прэзідэнты, і што за гэты вельмі доўгі тэрмін адбудзецца, пытанне адкрытае. Таму, лічу, выбудоўваюць некалькі траекторый будучыні для Мікалая.

«Няроўны шлюб»: каму патрэбныя беларуска-кітайскія праграмы

— Сёння не так шмат у беларускіх ВНУ міжнародных праграм з універсітэтамі іншых краін, акрамя расійскіх. Калі б у праграме біятэхналогій не фігуравала прозвішча Лукашэнкі, якія перспектывы мелі б яе выпускнікі ў нашай краіне, у замежжы?

— Перадусім, наяўнасць інтэрнацыянальных сувязяў, у тым ліку з Кітаем, які зрабіў моцны прарыў у галіне навукі і адукацыі — гэта добра. Пекінскі ўніверсітэт — значна лепш, чым МДУ ці іншыя расійскія ўстановы.

Але ўсё адно гэта досыць праблемны актыў. Маю на ўвазе мову і культуру, светапогляд: Беларусь — еўрапейская краіна па каштоўнасцях, па ладу жыцця, а ў Кітаі зусім іншы кантэкст.

Каб уявіць, што беларусы будуць масава з’язджаць па досвед у Кітай, жыць там і працаваць — наўрад ці. Хутчэй, наадварот, гэта кітайцы будуць прыязджаць у Беларусь, фармаваць дыяспару.

І калі параўнаць 1,3 мільярда насельніцтва Кітая і менш за 9 мільёнаў беларусаў — мы разумеем, што гэта «няроўны шлюб».

Для КНР мець хаб у Беларусі для выхаду на еўрапейскія рынкі, і мець у нашай краіне дыяспару, якая будзе кантраляваць гэты працэс, удзельнічаць у ім — цікава. Бо кітайцы ўсе інвестыцыі робяць у сваіх, выдаюць прывязаныя крэдыты, забяспечваюць працоўныя месцы сваіх грамадзян.

Беларусы ж у Кітаі — могуць вывучыць філасофію, гімнастыку, карыстацца тамтэйшымі тэхналогіямі — але быць кітайцамі, ужыцца там, нягледзячы на ўсю глабалізацыю, наўрад ці магчыма.

Таму я бачу тут, хутчэй, прагматычны аспект. Для Лукашэнкі — каб ураўнаважыць уплыў РФ. Для Кітая — мець свае лагістычныя хабы ў Беларусі.

Але ж, нягледзячы на ўсе дэкларацыі, па колькасці студэнтаў пакуль што абмен не вельмі вялікі, а колькасць сумесных адукацыйных праграм ці інвестыцый у адукацыі і навуку не параўнальная з расійскімі паказчыкамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)